Падушачка

Падушачка, падушачка 
Мая пухавая, 
Адна у маці  дачушачка, 
Дзеўка маладая.

У нядзелю на кірмашы 
Шоўку прыкупіла, 
Падушачку пухавую 
Міламу пашыла. 
Сёння прыйдзе мой міленькі -Вымету падлогі, 
Падушачку пухавую 
Пасцялю пад ногі .

Мілы кажа: «Калі  любіш 
Ды шчыра шануеш, 
Падушачку пухавую 
Ці не падаруеш?
— Падушачку пухавую
Не магу аддаці:
Прыйду позненька з вячорак —
На чым буду спаці ?

Ой, калі  ты возьмеш замуж 
Гэтаю вясною, 
На падушачцы пуховай 
Будзем спаць удвое. 
На пуховай падушачцы 
Мякусенька спаці, 
Харошага малойчыка 
Люба цалаваці. 
Ой, падушачка!  Ой, пухавая!  
Ой, дзяўчыначка ды я маладая!